За два гады былыя салдаты, якія ваявалі на фронце, вярнуўшыся дадому, забілі не менш за 107 чалавек. Большасць забойцаў - былыя зняволеныя. Незалежныя медыі да спісу ахвяр дадае яшчэ больш за 100 чалавек, якія выжылі, але атрымалі цяжкія траўмы.
Напады, згвалтаванні, ДТЗ у нецвярозым стане (загінулі 11 чалавек) і падбухторванні да ўжывання наркотыкаў (у выніку загінулі двое непаўналетніх) «ветэраны» здзейснілі ў 64 рэгіёнах Расіі ды ў Паўднёвай Асетыі — сепаратысцкім рэгіёне Грузіі.
Большасць злачынстваў здзяйсняюць былыя вязні, спачатку прызваныя на вайну групай Вагнера, а цяпер Міністэрствам абароны (з іх фарміруюцца падраздзяленні пад назвай «Штурм Z»). Пасля іх вяртання найбольшая небяспека пагражае блізкім і суседзям. Большасць забітых — сваякі і сябры, з якімі «франтавікі» пілі гарэлку.
Паводле падлікаў, са 175 былых вайскоўцаў, судзімых за забойствы (наўмысныя ці ненаўмысныя), 91 - гэта былыя вязні, а астатнія — добраахвотнікі і прафесійныя вайскоўцы. «Ветэранскіх» злачынстваў, напэўна, значна больш. Аднак улады ўсімі сіламі імкнуцца іх схаваць. У канцы мінулага года пра іх забаранілі пісаць журналістам усіх расійскіх СМІ (дзяржаўных і недзяржаўных).
Наадварот Крэмль патрабуе прадстаўляць былых вайскоўцаў як «добрых, добразычлівых людзей, якія выправіліся на вайне». Ва ўсіх прысудах, вынесеных «ветэранам» (нават за забойствы), суды прызнаюць удзел у вайне і баявыя ўзнагароды змякчаючымі абставінамі. Ва Улан-Удэ нават маці загінулага на вайне салдата асудзілі ўсяго на тры гады хатняга арышту за тое, што напала з нажом на сваячку і нанесла ёй некалькі удараў у грудзі і жывот. Суддзі палічылі, што з-за таго, што яе памерлы сын быў узнагароджаны медалём «За адвагу», яна не заслугоўвае зняволення.
Акрамя таго, «ветэранаў» ахвотна прымаюць на службу ў Расгвардыю ды працаўладкоўваюць у школы. Там яны расказваюць вучням пра патрыятызм і гераізм.
Статыстыка па злачынствах, учыненых былымі вайскоўцамі, не распаўсюджваецца на акупаваныя тэрыторыі Украіны — там яны надзвычай строга ахоўваюцца. Аднак украінская ваенная разведка сцвярджае, што з акупацыйных войск дэзерціравала прыкладна 18 тысяч салдат. Колькасць дэзерціраў цесна звязана з колькасцю злачынстваў, учыненых у гэтай сферы. Толькі за апошні тыдзень там было выкрыта рабаванне ды забойства сямі чалавек, учыненае двума мужчынамі ў расійскай форме.
Крыніца: Rzeczpospolita